Worvik.com > Нашы экспэрты > Валянцін Акудовіч

 

 

Валянцін Акудовіч

Валянцін АкудовічБеларускі філёзаф, паэт, літаратурны крытык. Намесьнік галоўнага рэдактара часапісу “Фрагмэнты”. Аўтар кнігі “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” (Менск, 1998), а таксама шэрагу галосных постмадэрновых праектаў: “хросны бацька” літаб'яднаньня “Бум-Бам-Літ”, рэцэптар паэтычнага праекту “Вершы Валянціна Акудовіча”. Самі вершы напісаныя ад ягонага імя вядомымі і невядомымі беларускімі паэтамі. Стваральнік эсэ-маніфэстаў “Дыялёгі з Богам”, “Вайна культураў”, “Архіпэлаг Беларусь”, “Разбурыць Парыж”, “Беларусь як постмадэрновы праект Бога”, “Мэтафізыка: сытуацыя роськвіту й сытуацыя заняпаду” ды інш. Культавая постаць беларускага інтэлектуальнага жыцьця ад сярэдзіны 1990-х гадоў.

Лейтматывам ягонае творчасьці зьяўляецца тэма мэтафізыкі адсутнасьці, разгорнутая як у парадыгму постэкзыстэнцыйнага мысьленьня, так і генеалягічна ўбачаная праз спэцыфічна беларускі досьвед непрысутнасьці ў Вялікім Заходнім Наратыве. Аналізуе і дэканструюе разнастайныя ідэалягемныя канструкцыі, з дапамогай якіх сьвядомасьць спрабуе ўпарадкаваць і затрымаць плынныя канфігурацыі актуальна-бытнага, а таксама цывілізацыйныя стратэгіі, што абрываюць апошнія сувязі чалавека з гэтым самым бытным (зьнікненьне прасторы й часу ў сымуляваных асяродках а-рэальнасьці, ператварэньне культуры ў лякальную падсыстэму глябальнага інфармацыйнага абмену й г.д.). Разглядае “беларускі праект” як “вяроўку над безданьню”.

Нічога не прапануе. Сьцьвярджае “немагчымасьць інакш пазьбегнуць сьмерці, як толькі памерці”.

 

Iнфармацыя ўзятая з Litara.net. Падрыхтавана Ігарам Бабковым для часопіса Паміж.

 

Worvik.com > Нашы экспэрты > Валянцін Акудовіч