September 19, 2005

“Вобраз будучыні” альбо адкуль ногі растуць


Андрэй Ягораў

Археалогія ідэі

Андрэй Ягораў (Андрей Егоров)У палітыцы, а тым больш палітыцы беларускай, нельга ўсталяваць капірайт на хоць якія ідэі, што добра паказвае, напрыкдлад, сітуацыя з нахабнай прыватызацыяй і сэнсавым перакручваннем панятка “незалежнасць” дзяржавай. Але ж узнаўляць крыніцы і кантэксты іх з’яўлення ўсе ж-такі трэба. Гэта дазваляе глыбей зразумець сутнасць ідэяў, пабачыць іх генезіс і абрастанне новымі сэнсамі, пазбегнуць ананімнасці і аддаць належнае аўтарам, на якіх па шкоднай звычцы чамусьці забываюцца і, часам, адчысціць ад шкодных наслаенняў і спрашчэнняў.

Нагодай для такой археалогіі ідэяў стала закінутая у прастору палітычнай камунікацы ідыялагема “вобраз будычыні”, што пачала шырока выкарыстоўвацца ва ўжо распачатай перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў адзіныя кандыдаты, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Анатоля Лябедзькі. У жніўні-верасні ў перыядычным друку і на партыйным сайце АГП з’явілася некалькі тэкстаў, што эксплуатуюць ідыялагему “вобраз будучыні” (эксплуатуецца таксама брэнд “Руху”, менавіта так: з вялікай літары і без назову, напрыклад, такі выраз: “мы должны открыть для них двери в наше Движение”. Але гэта тэма для асобнага разгляду). Гэта артыкулы сп. Лябедзькі “Куда ты придешь, Беларусь. Наше общее будущее”, “Я лидер политических оптимистов”, у якіх партыя АГП і яе кіраўнік прапануюць нам сваё бачанне вобраза будучыні. Паспрабуем прайсці ад вытока “вобразнага мыслення” палітаптымістаў да сучаснага яго стану.


Выраз “вобраз будучыні” упершыню прагучаў на Арганізацыйна-дзейнаснай гульні па распрацоўцы стратэгіі на 2006 год у Кіеве. І прагучаў ён з вуснаў прадстаўніка групы расейскіх палітычных тэхнолагаў А. Грыгор’ева (О. Григорьев). Грыгор’еў, разважаючы пра тэхналёгію кіравання, імкнуўся давесці думку пра тое, што прапанаваны рэжымам вобраз будучыні як мэта развіцця краіны, з цягам часу ўсе больш зменшваецца, становіцца нетрывалым і размаістым. Агульныя словы пра “моцную і квітнеючую” Беларусь нічога не кажуць пра канкрэтнае напаўненне бачання вобраза будучага краіны, новая ідэалогія слабая, супярэчлівая і цьмяная. Таму нястачу ідэалагічных сродкаў забеспячэння кіравання імкнуцца кампенсаваць ростам дзяржаўна-рэпрэсіўнага апарату і паглынаннем дзяржавай усе большай колькасці вольнай прасторы (глядзі А. Карпук. Отчет по итогам ОДИ (группа вертикаль)// Справаздача па АДГ). Канстатавалася таксама і тое, што хоць і кволы ва ўлады “вобраз будучыні”, але ён есць, між тым як апазыцыя не можа прапанаваць анічога альтэрнатыўнага.

З легкай рукі расейскага тэхнолага прывабны выраз пайшоў гуляць сярод прысутнай на АДГ аўдыторыі. Па сутнасці, гэтая даволі простая тэза была падхоплена як нейкае адкрыцце. Другой такой папулярнай тэзай стала перанясенне цэнтру вагі з супрацьстаяння ў бінарнай схеме “улада - апазыцыя” на больш дарэчны варыянт наяўнага супрацьстаяння ў схеме “улада - грамадства”. Амаль матэматычнае камбінаванне “вобраза будучыні” з тэзай неабходнасці барацьбы грамадства (а не палітычнай апазыцыі) з несправядлівай уладай выглядала на простае вырашэнне праблемы дэмакратызацыі Беларусі. Некаторая частка гульцоў (у прыватнасці А. Дабравольскі, Козел) стала звязваць перамогу над рэжымам з прапановай беларускаму грамадству нейкага новага “вобраза будучыні”, што рабіла яе (перамогу) амаль аўтаматычнай. Фактычна вырашэнне складанай праблемы было рэдукавана да банальнай і пустой схемы, бо выразнага напаўнення “вобраза будучыні” прапанавана не было.

“Вобраз будучыні” і “Вялікая Беларуская Мара”

Зліквідаваць пустотнасць “вобраза” спрабавала партыйная калега А. Дабравольскага - Марына Багдановіч1 , звярнуўшыся да ранейшых канцэптуальных напрацовак Уладзіміра Мацкевіча звязаных з “Беларускай Марай”. М. Багдановіч атаясаміла праблематыку “вобраза будучыні”, што з’явіўся на АДІ з праблематыкай “беларускай мары”, апісанай у “Беларускай дэмакратыіі: насуперак відавочнасці”. У. Мацкевіч акцэнтуе ўвагу на адрозных формах адносінаў да будучыні, якія абазначаныя як “мара” і “настальгія”. “Мара” патрабуе прагнозных, праектных, і крытычных адносінаў, г.зн. звязаная з чыстым мысленнем, логікай і г.д. “Мара” рэалістычная, бо можа быць дясягнутая індывідуальнымі (ці калектыўнымі) высілкамі і таму характэрызуецца актыўным, дзейнасным падыходам: “малады чалавек, что марыць прывесць нявесту ў свой дом, адкрывае уласную справу”. “Мара” супрацьпастаўляецца “настальгіі”, якая не патрабуе рацыянальнальнага мыслення і задавальняецца эмацыйнымі, інстынктыўнымі адносінамі да будычыні. “Настальгія” - гэта нешта незбыўнае, таму мае неактыўны характар чакання таго, што “ўсе само прыйдзе”, сумавання аб страчаным “савецкім раі”, фарбаваннем мінулага ў ружовыя колеры і г.д. Далей, разважае Мацкевіч, “мара” альбо “настальгія” ўплывае на выбар грамадствам (асобным грамадзянінам, выбаршчыкам) тых ці іншых альтэрнатыўных прапановаў уладкавання будучага грамадства.

Напрыклад, існуюць дзьве альтэнатыўныя прапановы:

  • Р1
  • Незалежнасць Беларусі.
  • Свабода для кожнага жыць
    так, як ён хоча.
  • Свабоднае прадпрымальніцтва.
  • Рынак.
  • Прыватная ўласнасць на зямлю.
  • Закон і права для ўсіх.
  • Еўрапейская адкрытасць.
  • Стандарты жыцця 21 стагоддзя.
  • Р2
  • Рэстаўрацыя СССР
  • Гарантаваны мінімум усім.
  • Цэнтралізаванае размеркаванне
  • Сацыялізм
  • Дзяржаўная ўласнасць на зямлю
  • Добрыя адносіны ўладаў да сябе
  • Местачковая “самасць”
  • Узровень жыцця 1980 году

Чалавек, які марыць пра ўласны банк, абірае першую альтэрнатыву, бо яму трэба свабода прадпрымальніцтва і вяршэнства закону. Што дарма не патрэбна таму, хто настальгіруе па халяўнай кватэры і таннай каўбасе. Ці іншымі словамі:

“Свабода слова, свабода друку для мяне, як для літаратара - гэта не абстракцыя, а такая ж канкрэтная прылада працы як асадка і аркуш паперы, гэта значыць зусім рэальная каштоўнасць, за якую мне мае сэнс змагацца…, (але) якую каштоўнасць могуць уяўляць свабода слова, свабода друку, скажам, маім бацькам якія за ўсе жыцце, бадай, не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газет..? Дык што ім да таго, есць там нейкая свабода слова ці яе няма, забараняюць выдаваць нейкія газеты ці не. Вось калі б па вясне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі парсюка калоць - тады іншая рэч”.

В. Акудовіч. “Вандэя, альбо свабода як форма выяўлення волі да ўлады”

“По содержанию Великая Американская Мечта ничем не отличается от Великой Беларусской Мечты или любой другой. Великая Мечта - это то, что индивидуальный человек представляет об идеальном самом себе”.

У. Мацкевіч

Акудовіч марыць пра сябе як пра літаратара і абірае першы варыянт (Р1), яго бацькі пачуваюць сябе сялянамі-калгаснікамі і абіраюць другі (Р2). І так па ўсей краіне. На адным баку барыкады спрабуюць будаваць з наяўнага беларускага матэрыялу Р0 будучую краіну па праекце Р1, а другія, на іншым баку барыкады, з таго ж матэрыялу (Р0) лепяць нешта па праекце Р2 (схема 1).

Схема 1.

Відавочна дамінаванне “настальгіі” і адпаведнага “нэасавецкага” варыянту пабудовы будучай краіны. Бо, па-першае, ніхто з палітычных сілаў Беларусі не зрабіў выразнай прапановы альтэрнатыўнага ўладкавання будучыні (Р1). Па-другое, “Вялікая Беларуская Мара” не прадстаўленая ў свядомасці беларускага грамадства.

“Мечта принадлежит индивидуальному сознанию, а в общественном сознании она представлена тем, что демонстрируется в качестве образцов для подражания и сравнения. Если в Беларуси и есть носители Великой Беларусской Мечты, то они так тщательно замаскировались, что их не видно и не слышно”.

Такая адсутнасць “Мары” на экране масавай свядомасці замінае грамадству абраць дэмакратычны шлях развіцця, убачыць прапанову (Р1) і пачаць будаваць рынкавую прававую дэмакратычную Беларусь.

Так пра гэта разважаў Уладзімір Мацкевіч, і прыкладна так гэта было прадстаўлена Марынай Багдановіч. Але ж у дакладзе Багдановіч асноўны акцэнт быў зроблены на адсутнасці выразнай прапановы дэмакратычнага праекту ўладкавання будучыні (Р1), які і быў названы “вобразам будучыні”. Праблема выбару паміж рознымі праектамі-”вобразамі”, праблема адсутнасці “Вялікай Беларускай Мары” была агучаная, але, на жаль, не была пачута. Таму розныя канцэптуальныя паняткі “мара” і “альтэрнатыўная прапанова ўладкавання будучага грамадтва” былі змяшаныя ў адзін цьмяны панятак - “вобраз будучыні”. І ўсе зноў было рэдукавана да лінейнай схемы: мы фармулюем “вобраз будучыні”, прапануем яго грамадству, грамадства абірае наш вобраз будучыні (бо наш будзе лепшы, чым у Лукашэнкі) і “ў адзіным парыве” топча ганебны рэжым. Татальнае дамінаванне “настальгіі”, што замінае абраць “наш вобраз будучыні” - проста не разглядаецца.

Палітычныя коміксы

Па іроніі лёсу, асноўны апалагет “вобразу будучыні” Аляксандр Дабравольскі, быў аўтарам кароткага пасляслоўя да кнігі У. Мацкевіча “Беларуская дэмакратыя: насуперак відавочнасці”. Аднак за гэты час, напэўна, шмат чаго забылася, таму з гульні ім была вынесеная толькі спрошчаная схема, апісаная крыху вышэй. Праз Дабравольскага ідэалагема “вобраза будучыні” патрапіла ў партыйнае асяроддзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе паўстала вострая праблема яго “малявання”. У жніўні з халстоў партыйных ідэолагаў былі скінутыя пакрывалы і “вобраз будучыні”, нарэшце, быў прад’яўлены публічна.

Давайце ж паглядзім! Агэпэшны “вобраз будучыні” ( ці “нашая агульная будучыня”) разбіты на адзінаццаць (з уводзінамі) асобных фрагментаў, але няма асаблівай патрэбы разбіраць кожны з іх па асобку, ацэнім намаляванае цалкам:

Жанр: палітычны прапагандыскі комікс (проста, каб кожны зразумеў).

Сюжэт: злыя оркі тыраняць добрых хоббітаў, герой кліча іх на бой у імя выраю - краіны Куканы, дзе каўбаса расце на дрэвах, што забяспечана вяршэнствам закону і раздзяленнем уладаў.

Параўнальная мастацкаведчая экспертыза: дзве траціны малюнкаў - такія ж як і коміксы оркаў.

Адчуванні пасля чытання: ну колькі можна пра адное і тое ж?

Ну вось, бадай і ўсе. Не захапляе. На “вобраз будучыні”, за якім павінны пайсці народныя масы, далёка не цягне. На што разлічвалі аўтары, калі прапаноўвалі гэты тэкст? Даруйце, я не магу адказаць на гэтае пытанне. Калі такім своеасаблівым чынам прадстаўленыя перадвыбарчыя абяцанні кандыдата - гэта яшчэ куды ні ішло, такая сабе казка пра светлае дэмакратычнае будучае для былых будаўнікоў камузнізму. Калі ж разлік на нешта большае, то гэта проста дарэмна папсавая папера. Зразумела, што:

Мы получили сотни откликов. И что приятно - сплошной позитив.

“Я лидер политических оптимистов” Народная Воля. 26 жніўня 2005 г.

Ну хто ж не жадае добра жыць у адказнай, незалежнай, заможнай і г.д. Беларусі? А хто не жадае жыць ў “моцнай і квітнеючай” Беларусі? Праблема не ў размалёўванні будучыні краіны ў ружовыя фарбы, і ўвогуле не ў маляванні, спяванні і тацаванні будучыні ярчэйшым за уладу манерам. Пры несапастаўнасці рэсурсаў улада заўседы гэта зробіць куды лепш. Праблема ў прамысліванні, праектаванні і пабудове будучай краіны, а гэта нельга намаляваць ці зтанчыць. Праблема не ў напісанні уласнабеларускай Утопіі, а ў трансляванні новых узораў і мадэляў індывідуальнага жыцця. Марыць трэба не пра тое, каб 70% беларусаў мелі ўласны аўтамабіль, а пра тое, каб я сам меў новы “мэрсэдэс” апошняй мадэлі. Не пра тое, каб беларусы чыталі лекцыі ў лепшых універсітэтах Еўропы, а пра тое, каб я сам чытаў гэтыя лекцыі. Тады есць асэнсаваная патрэба чалавека ў змаганні за сваю канкрэтную будучыню, толькі тады можна бачыць, што замінае дастойна жыць, можна бачыць “барыкаду” і можна свядома абіраць па, які ты бок.

Андрэй Ягораў,
Агенцыя Гуманітарных Тэхналёгіяў

1. - На пэўным этапе АДГ М. Багдановіч пасля хістанняў першая і адзіная з гульцоў самавызначылася як палітык, што сымбалічна паставіла яе ў лідарскую пазыцыю, прызнаную значнай колькасцю гульцоў.

Катэгорыя: Аналітыка
Каментары (3) да ““Вобраз будучыні” альбо адкуль ногі растуць”
  1. пол-литра :



    Тэхнічная заўвага:
    Канцэпцыя “вобразу будучыні” і зьвязаная з ёй тэрміналёгія ўжываецца (у тым ліку АГП) прынамсі з 2004 года. У пэўным сэнсе дадзены канцэпт праглядаецца ўжо ў праграме “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Гэтая канцэпцыя таксама агучвалася ў 2004 годзе праф. Манаевым (напрыклад, прадмова да зборніку “Незалежныя дасьледаваньні ў незалежнай Беларусі”). Ня маючы апоры ў рэчаіснасьці, апазыцыя вымушаная апэляваць да абстрактных і утапічных малюнкаў (кшталту “краіны Куканы”). Гэта можна па рознаму ацэньваць, але гэта факт: апазыцыя пераходзіць у стан эсхаталягічнага руху, яна аб’ядноўвае перакананых у блізкім “канцы сьвета” (г. зн. “рэвалюцыя”).
    Не адмаўляючы ролю кіеўскай сустрэчы ў папулярызацыі гэтай “ідэялягемы” (Дабравольскі і АГП сапраўды ініцыявалі “Двіженіе” і “Образ будушего” пад уплывам гэтай падзеі) я б не абсалютызаваў ролю гэтага Грыгор’ева. З такім жа посьпехам можна было б зьвязваць папулярнасьць гэтай ідэі з словамі Кандалізы Райз: яна таксама сустракалася з Дабравольскім і таксама казала “Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу”, “Чаму гэта кепска для людзей – скінуць ярмо тыраніі і вырашыць, што яны самі хочуць кантраляваць уласную будучыню?”.



  2. karuzlik :



    Я не абсалютызую нічыю ролю, проста ўзнаўляю кантэксты з’яўлення ідыялагемы. Сапраўды штосьці такое і раней летала ў паветры, але толькі гэты “вобраз будучыні” быў падхоплены як такое “цэнтральнае ідыялагічнае азначальнае”, “кропка прышчэпкі”, на якую завязваецца
    ўвесь астатні дыскурс.



  3. kolik8 :



    а манаев свое получит, читайте журнал Движения и “Архэ”



Ваш каментар

Дазволеныя XHTML-тэгі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>

[Powered by WordPress.]

 Новыя кнігі


Вызывающее молчание



Вопреки очевидности

 Галоўнае:

Экспэрты:

 Дыскусія:

 Архіў:

September 2005
M T W T F S S
« Aug   Oct »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

 Пошук:

 Кантакт:

 Памылкі?

 Партнэры:

 In | Out:

 RSS:

 Лічыльнік:

26 queries. 0.258 seconds