November 25, 2005

Фрагменты, згубленыя па дарозе ў друкарню


    Шаноўныя калегі!

    Магчыма, “Дыяруш” зацікавяць фрагменты майго інтэрв’ю, якое не так даўно пабачыла свет у адным з друкаваных СМІ. З розных абставінаў і прычынаў гэтыя фрагменты не патрапілі на старонкі выдання. Сітуацыя досыць звычайная, і я, як і кожны хоць трохі публічны чалавек, прызвычаены да падобнага. Але гэтым разам сярод “страчанага” апынулася і тое, што мне б не хацелася губляць. Калі “Дыяруш” дапаможа, буду рады пабачыць страчанае на ягоных бачынах. Журналіста, які рыхтаваў гэтае інтэрв’ю, персаналізаваць не будзем. Назавем яго проста – Сумоўнік.

    З павагай, Валянцін Акудовіч.

Сумоўнік: — Ці добра, што беларуская інтэлігенцыя (прынамсі яе лепшая, непрадажная частка) не задзейнічаная ў палітыцы ў той меры, у якой гэтага хацелася б палітыкам?

Вал.Акудовіч.: — Тое, што беларуская інтэлігенцыя (прынамсі, творчая) пераважна не задзейнічаная ў палітыцы, дык гэта дрэнна для палітыкі, але добра для ўсіх нас. Значыць, у гэты час людзі малююць карціны, даследуюць праблемы, пішуць раманы і вершы, здымаюць кінафільмы і г.д. і да т.п. На вялікі жаль, мы ўжо нават перасталі заўважаць, што самі залішне гіпертрафіруем значэнне палітыкі ў нашым жыцці.

Сумоўнік: –Неяк вы сказалі:“Дарэчы, дарэмна думаць, что сітуацыя пераменіццца, калі пры ўладзе будзе не Лукашэнка”. ЯК І ЦІ ПАТРЭБНА нашаму грамадству рыхтавацца да новай Беларусі? Шмат хто з прадстаўнікоў беларускай эліты ўвогуле мяркуе, што не аб гэтым трэба думаць, а выключна аб скасаванні рэжыму.

В.А.: — За столькі год рэжым татальнай рэпрэсіўнасці ўжо і самаму цярпліваму, як кажуць, “пячонку выеў”. Таму не цяжка зразумець кожнага, хто “зацыклены” толькі на адным: “Прэч!” Хаця я не выключаю, што за гэтым “Прэч!” мы і самі ад сябе хаваемся, каб не думаць: а што будзе потым? Паколькі думаць такое страшнавата. У адрозненне ад сталых дэмакратый, дзе змена палітычнага лідэра – усяго толькі тэхнічная працэдура (як замена падношанай дэталі на новую), канец дыктатуры – гэта большая ці меншая, але заўсёды катастрофа. Бо з сыходам дыктатара у адначассе мяняецца не толькі сам тып улады, але і ўвесь лад жыцця.
Таму палітычныя лідэры — ды і ўсе мы, зачараваныя прывідам свабоды,– мусім упарта думаць пра час “Х”. Прыкладам такога думання “наперад” мне бачыцца распрацоўка незалежнымі палітыкамі новай Канстытуцыі…
Аднак, якія б захады з узгляду на будучае мы не рабілі, яны мне пакуль нагадваюць пошукі сцежкі ў цемры (рукі ўрастапырку). Рэч у тым, што Беларусь ужо дзесяцігоддзе жыве пад “накрыўкай” дыктатуры (шчыльна закрытай), з чаго немагчыма зразумець, што тут насамрэч адбываецца. Але ж нешта, хай і ўпотайкі, адбываецца! Беларусы набываюць іншы (ад савецкага) досвед, неўпрыкмет іначаць свае ідэалы, спакваля меняюць прыярытэты ды каштоўнасці, пакрысе напрацоўваюць новы лад і стыль жыцця… Толькі ўсяго гэтага ніяк не ўгледзець пад “накрыўкай” з страха, забаронаў, гвалту, рэпрэсій…
… І вось некалі мы апынемся ў ясным святле! І якімі там сябе
пабачым? Гэтага пакуль ніхто не ведае. Можа тады нам не новая Канстытуцыя будзе патрэбная, а новы Крымінальны кодэкс у якасці Асноўнага закона?
Але як бы там ні было, вельмі хацелася б паглядзець на Беларусь і беларусаў не заштукатураных афіцыйнай хлуснёй і не зашмальцаваных страхам рэпрэсій.
Якія мы сапраўдныя?

Сумоўнік: –Вы некалі напісалі, што “Луку на муку” перамелюць не жарнавы апазіцыі, а ветракі часу. І найперш – “канстытуцыйнага часу”. Як вы цяпер ставіцеся да тых сваіх словаў?

В.А.: — Гэта пісалася досыць даўно, калі ў многіх яшчэ былі спадзевы на палітычную аппазіцыю. На жаль, што да аппазіцыі, дык я не памыліўся. Цяпер гэта бачна кожнаму. Але затое я памыліўся наконт “ветракоў”, бо тады яшчэ не здагадваўся, што час можна запыняць. І механізм такой працэдуры, аказваецца, чалавецтва ведае досыць даўно. Гэта – дыктатура. Усталяваўшы дыктатуру, Аляксандар Лукашэнка запыніў час (канстытуцыйны таксама) — і ўсе ветракі ўмомант знерухомелі.

Сумоўнік: –Паралельнае жыццё – адна маска для службы, зусім іншая для сяброў і знаёмых – з’ява ў беларускім выкананні унікальная?

В.А.: — Наш сучаснік па азначэнню мусіць мець шмат “масак”. У адрозненне, скажам, ад ранейшага селяніна, які ў полі, лесе і хаце быў адным і тым самым селянінам, чалавек сучаснай цывілізацыі ў кожным месцы (на працы, падчас адпачынку, у публічным хаўрусе, з жанчынай, дзецьмі і да т.п.) выступае пад іншай “маскай”, бо функцыянальна гэтыя месцы сёння радыкальна розняцца між сабой і ўсялякі раз патрабуюць ужо хоць трохі, але другога чалавека…
І другі бок справы – гэта ўласна тое, аб чым вы запыталіся. Беларусы і Беларусь, як цэлае, у сваім “паралелізме” яшчэ не ўнікальная краіна, але такіх з кожным годам робіцца ўсё меней. Бо ўлада ў “цывілізаваным” свеце ўжо даўно навучылася падпарадкоўваць чалавека не праз палітычна-ідэалагічны прымус, а праз сродкі эканомікі, камунікацыі і г.д. І тое, што нам даводзіцца адначасна жыць у паралельных светах, адзін з якіх свет ідэалагічнага прымусу, сведчыць найперш за тое, што на Беларусі пакуль пануе архаічная форма ўлады. Між іншым, звычайна ў дыктатуры нас наймацней гняце яе рэпрэсіўнасць. Але насамрэч галоўная хіба дыктатуры ў ХХІ стагоддзі – яе канцэптуальная несучаснасць.

Сумоўнік: –Не маючы вялікай ахвоты да рэфлексій на палітычныя тэмы, вы, тым не менш, вядомыя, у тым ліку, і сваімі футурыстычнымі прагнозамі. Што Вы можаце сказаць пра нашу апазіцыю?

В.А.: — Пакуль яе самы вялікі здабытак – гэта тое, што яна ёсць. Так, палітычная апазіцыя сёння скукожаная, стомленая, зганьбаваная, зрэпрэсаваная і да т.п., але яна ёсць і гэта неверагодна істотна. Урэшце, яе наяўнасць – гэта адзінае, што нас звязвае з палітычным кантэкстам ХХІ стагоддзя. Калі рэжыму ўзбрэндзіць канчаткова выштурхнуць палітычную апазіцыю з публічнай арэны, мы будзем татальна пазбаўленыя сучаснасці ў яе палітычным вымярэнні.
Найбольшая хіба нашай палітычнай апазіцыі ў тым, што ў яе аснове ляжыць “алімпійскі прынцып” – галоўнае не перамога, а ўдзел. Натуральна, ніхто з палітыкаў у гэтым не прызнаецца, хаця ўсе ведаюць, што яно насамрэч так. Адзіным выключэннем быў Віктар Ганчар (ніколі яму не сімпатызаваў). Ён напраўду паставіў пытанне рубам: улада альбо смерць. Атрымалася апошняе…
Але акрамя “афіцыйнай” апазіцыі ў краіне ёсць яшчэ і грамадзянская апазіцыя. Гэта сотні тысяч разасобленых міжсобку людзей, пра якіх амаль нічога невядома, акрамя таго, што яны ёсць і хочуць жыць не толькі добра, але і па-людску. Звычайна пра гэтую грамадзянскую апазіцыю не згадваюць і ее самастойную наяўнасць не аналізуюць, бо па старой завядзёнцы яна классіфікуецца ўсяго толькі як электарат палітычнай апазіцыі. Але гэта ўжо даўно не так. Тыя ж мізэрныя рэйтынгі “афіцыйнай” апазіцыі сведчаць, што грамадзянская апазіцыя яе не падтрымлівае. Інакш кажучы, палітычная і грамадзянская апазіцыі існуюць сёння паасобку, амаль не стасуючыся між сабой. Што праўда, на прэзідэнцкіх выбарах грамадзянская апазіцыя пераважна галасуе за кандыдатаў ад палітычнай апазіцыі, але адно таму, што не мае іншых варыянтаў.
На маё, магчыма вельмі спрэчнае, меркаванне, толькі гэтая, грамадзянская апазіцыя, калі ёй дапамагчы агучыць сваё мноства і згуртаваць вакол нейкіх уласных ініцыятываў, можа стацца асноўным складнікам будучых пераменаў.

Сумоўнік: –Вы былі ў Кіеве на гульні у “Стратэгію перамогі”, пасля якой некаторыя заявілі, што прысутныя на тых вучэннях гуляліся ў палітыку. Што там адбывалася насамрэч?

В.А.: — Гэта была арганізацыйна-дзейная гульня, якая называлася “Стратэгія перамогі”. Я быў запрошаны туды ў якасці аднаго з экспертаў і найперш таму, што не вельмі шаную палітыку ды палітыкаў (і “сваіх”, і “чужых”). Так бы мовіць, дзеля старонняй крытыкі. Ладзіў гульню і быў яе кіраўніком філосаф Уладзімір Мацкевіч. Шчыра кажучы, нічога асабліва цікавага для сябе ад гэтага мерапрыемства я не чакаў і тым мацней уразіў вынік. Упершыню за шмат год я зразумеў, што дыктатуру (хай сабе пакуль толькі у тэорыі) можна перамагчы (раней і тэарэтычна я такой магчымасці не бачыў). Як сказаў на заключнай сесіі Васіль Лявонаў: нарэшце атрымалася разарваць заганнае кола палітычнай барацьбы з рэжымам – ад выбараў да выбараў з наперад запланаванай паразай.
Сама гульня і яе метадалогія патрабуюць асобай гаворкі, таму тут я згадаю адно некалькі высноваў… Шмат разоў перакрыжаваны аналіз магчымасцяў палітычнай апазіцыі адназначна паказаў, што яна ў сабе не мае патэнцыялу перамогі. З шэрагу падставовых прычынаў выдзелю толькі дзьве. Палітычныя партыі і іх лідэры могуць прыйсці да ўлады адно праз выбары, аднак гэтая магчымасць татальна заблакаваная пануючым рэжымам. Але нават калі б яны паспрабавалі змяніць уладу не зусім канстытуцыйным шляхам (праз нейкую каляровую рэвалюцыю), дык і гэтага ў іх не атрымаецца, бо вуліца сёння не падтрымлівае палітычную апазіцыю. Інакш кажучы, у грамадзянскай апазіцыі палітычная не карыстаецца ні павагай, ні папулярнасцю, прынамсі, ў той меры, каб за ёй пайшла на адкрыты супраціў дастатковая для перамогі колькасць людзей.
З гэтага наўпрост вынікала, што ў полі палітычнага стратэгія перамогі немагчымая, а значыць яе трэба шукаць недзе ў іншым месцы. Тады і была звернута ўвага непасрэдна на само грамадства, дакладней, на тую яго частку, якая даўно выспела для палітычных перамен. І галоўнае — атрымалася досыць хутка вынайсці механізм, які мог бы злучыць у адно цэлае тых, каго я тут называаю грамадзянскай апазіцыяй. Як ні дзіўна, гэты механізм знайшоўся не ў палітычнай, а ў эканамічна-прававой сферы і называецца ён акцыянернае таварыства ці, шырэй – кансорцыўм.
Тады ўсё і склалася адно да аднаго. Ініцыятыўная група стварае акцыянернае таварыства, скажам, “Свабода”, у якое з сваім “паем” (рэсурсам) уступае кожны, хто мае патрэбу ў свабодзе. Адзін запрапануе ў якасці рэсурса скарыстацца ягоным кампутарам, другі (у патрэбны момант) — аўтамабілем, трэці – памяшканнем, хтосьці дасць нейкую капейчыну, а нехта сваё вядомае імя і да т.п.
Акцыянернае таварыства не ставіць сабе за мэту прыйсці да ўлады, як і канкрэтных тэрмінаў перамогі. Тым болей яно не прымае палітычны календар, які Аляксандар Лукашэнка навязвае апазіцыі, гэта значыць бясплённеыя гульні ў палітыку праз выбары, у якіх няма і не можа быць ніякага выбару. У акцыянернага таварыства адна задача – вялічыць і вялічыць агульны рэсурс прыхільнікаў свабоды, пакуль яго не назбіраецца даволі, каб змусіць цяперашні рэжым сыйсці з палітычнай сцэны.

Сумоўнік: — Мне вашыя словы нагадалі народнае рушэнне Мініна і Пажарскага. Тады палітычныя эліты Расіі таксама не змаглі справіцца з сітуацыяй і за выратаванне краіны ўзяліся самі грамадзяне. Але якім бы магутным не было нашае народнае рушэнне, я не ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка так проста возьме і аддасць уладу.

В.А: — Бачыце, калі ў акцыянернае таварыства “Свабода” уступіць хаця б 200-300 тысяч прагных да годнага жыцця грамадзянаў (ды яшчэ кожны з нейкім, хай сабе і невялічкім, рэсурсам), дык ніякай праблемы як “яго сыйсці” ужо не будзе. Застанецца толькі выбраць найбольш цывілізаваны варыянт… І назаўтра абвясціць тэрміны ўжо сапраўды дэмакратычных выбараў. Тады і настане час палітыкаў зноў змагацца за ўладу ўжо сродкамі палітыкі.
На жаль, гэтую тэарэтычную схему, выпрацаваную і абгрунтаваную на “гульні” у Кіеве, пакуль ніхто не падахвоціўся перакласці на рэальнае жыццё. Праўда, Уладзімір Мацкевіч на яе аснове арганізаваў інтернет-рух, але і ён пачынае дрэйфаваць у бок традыцыйнай палітыкі.

Сумоўнік: –Што, на Вашу думку, самае жахлівае ў цяперашнім становішчы: страчаныя тэмпы эканамічнага развіцця, недабраны узровень матэрыяльнага дабрабыту большасці грамадзян альбо навязаная глабальная агрэсія і варожасць ў іх душах?

В.А.: — Для сябе гэтае “самае жахлівае” я называю адным просценькім словам: “Няпраўда”. У краіне пануе татальная няпраўда і мы ўсе ў ёй жывем – у няпраўдзе. А гэта не па-людску – так жыць.

Катэгорыя: Палітыка, Інтэлектуалы
Каментар (1) да “Фрагменты, згубленыя па дарозе ў друкарню”
  1. kolik8 :



    вельмі слушна



Ваш каментар

Дазволеныя XHTML-тэгі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>

[Powered by WordPress.]

 Новыя кнігі


Вызывающее молчание



Вопреки очевидности

 Галоўнае:

Экспэрты:

 Дыскусія:

 Архіў:

November 2005
M T W T F S S
« Oct   Dec »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

 Пошук:

 Кантакт:

 Памылкі?

 Партнэры:

 In | Out:

 RSS:

 Лічыльнік:

26 queries. 0.783 seconds